Захапляючая прырода “Чырвонага Бора”
На самым поўначы Беларусі ёсць чароўны куточак прыроды – “Чырвоны Бор”.
Падарожжа ў краіну хараства пачынаецца адразу, толькі ты зварочваеш у бок лясной дарогі ў напрамку турыстычнага комплексу. Уздоўж дарогі стаяць магутныя волаты-хвоі ўразлівага чырвонага колеру, ад чаго ўзнікае адчуванне поўнай бяспекі і бязмежнага супакою.
Пакуль ты павольна рушыш па дарозе, надзвычайны прыродны наркотык так моцна захапляе, што нават не адчуваеш хістанне машыны. Прырода настолькі зацягвае, што ты не вытрымліваеш і пакідаеш аўтамабіль.
І тады пачынаецца сапраўдны цуд: падчас першага кроку адчуваеш моц зямлі ў гэтым чароўным месцы, глыбокі глыток чыстага паветра надае сіл, з’яўляецца адчуванне ўсемагутнасці.
Міжволі ногі цягнуць у бок лясной сцежкі ўглыб лесу, дзе знаходзіца шмат цікавага і таямнічага.
Спеў птушак, хістанне дрэў, трэск галін пад нагамі – усё гэта стварае мелодыю, пад якую ідзеш і міжволі танчыш.
Калі вырасту – таксама стану волатам!
А промні сонца, слізгаючы па галінах дрэў, распасцершыся на паверхні, утвараюць дзіўныя малюнкі.
Вочы, нібыта галодны звер, прагнуць разгледзець кожную дэталь, скачуць з аднаго аб’екта на іншы. І калі ты раптам затрымліваеш погляд на нечым крыху даўжэй, то заўважаеш, што ты не самотны і тут зусім не адзін…
Прыгоды працягваюцца, і сцежка нейкім чынам выводзіць цябе да неабсяжнага возера.
Там ты знаходзіш лаўку, садзішся, забываешся на час і атрымліваеш асалоду ад маляўнічасці наваколля з замілаваннем у сэрцы.
Іван Веразуб, навучэнец Краснаборскай школы фатаграфіі
Источник: planetabelarus.by