Калі ўсе разам ляцім да зор»: магія ночы і зорнага неба
Зорнае неба – тайнае, прыцягальнае і загадкавае. Ці можа яно надакучыць? У яго можна ўглядацца бясконца! Што яно хавае, які сакрэт? Што абяцае? Што шэпча нам, зямным жыхарам? Хто крочыць па Млечным шляху і што хаваецца за небасхілам? Куды ўцякаюць зоркі і што час ад часу пралятае па начным небе?
…У буйных гарадах штучнае святло не выключаецца нават уначы – гэта з’ява называецца “светлавым забруджаннем” і замінае нам напоўніцу любавацца зоркамі. Прыгажосць зорнага неба мы, дзеці горада, заўважаем, хіба што трапіўшы ў абдымкі прыроды.
Апынуўшыся ў “Красным Бары”, студэнты фоташколы з задавальненнем праслухалі лекцыю выкладчыка астраноміі і фатографа Віктара Малышчыца “Асновы здымкі ў цемры: ад начнога горада да зорнага неба” і паспрабавалі засвоіць гэтыя асновы.
Аказваецца, не так ужо і складана злавіць на камеру мільёны зорак. Трэба толькі авалодаць пэўнымі навыкамі. Асноўныя азы – карыстанне штатывам і пультам дыстанцыйнага кіравання, адключэнне функцыі стабілізацыі і ўключэнне 2-секунднай затрымкі аўтаспуску. Наступнае – выкарыстанне рэжыму шырокавугольнай здымкі. Дыяфрагма павінна быць максімальна адкрытай вытрымка не надта малой, а што тычыцца светаадчувальнасці, дык яна выстаўляецца вопытна-эксперыментальным шляхам. Лепей выкарыстоўваць ручную факусіроўку, настройваючы камеру на самыя яркія зоркі. Гэта асноўныя “сакрэты”, у якія Віктар пасвяціў навучэнцаў Краснаборскай школы фатаграфіі.
Ячшэ паслухалі пра постапрацоўку, як палепшыць зробленыя фотаздымкі, і пачалася практыка.
Таймлапс Яўгена Ідзельчыка
Хлопцы і дзяўчаты вучыліся шукаць кропку для фотаздымкі, бачыць небанальныя сюжэты, выстаўляць на сваіх апаратах дакладныя ўстаноўкі – і ўрэшце зрабілі свае першыя кадры. Потым з нецярплівасцю чакалі першай выявы. Яна з’явілася не адразу. Віктар растлумачыў, што на працягу некалькіх імгненняў пасля здымкі выконваецца апрацоўка выявы з дапамогай алгарытму шумападаўлення. І колькі радасці атрымалася, калі ўбачылі знятае…
Міхаіл Лук’янчык
Ганна Грыб
Марыя Зіганорава
Брыльянты за кратамі. Фота Яўгена Ідзельчыка
З-за дрэў. Фота Яўгена Ідзельчыка
Валерыя Пратасевіч
А вось здымкі, зробленыя Віктарам Малышчыцам:
Першы здымак каментуе аўтар:
– Фота толькі адно, але я адзін кадр і рабіў толькі, бо ў астатні час кансультаваў нашых студэнтаў па нюансах здымкі. Але затое ў той панараме давялося прымяніць абсалютна ўсё, пра што я расказваў на лекцыі: і склейка панарамы, і здымка пярэдняга плана з большай экспазіцыяй, і прымяненне дыфузнага фільтра, і здымка цемнавых кадраў.
Колеры могуць падацца дзіўнымі, але яны сапраўдныя. У верхняй частцы кадра Млечны Шлях крыху фіялетавы, але гэта з-за блакітных маладых зорак і ружовых вадародных туманнасцяў, якія ледзь-ледзь там прысутнічаюць. Зялёныя разводы на небе, якія становяцца ярчэй да гарызонта – рэальныя. У тую ноч было вельмі яркае атмасфернае свячэнне (так званы airglow), такім яркім яно бывае вельмі рэдка. А зялёная вада была такой па дзвюх прычынах: па-першае, з-за адлюстравання зялёнага неба, а па-другое, яна і так была зялёнай з-за мікраскапічных водарасцяў – мы ліхтарыкамі свяцілі і бачылі яе цвіценне.
Тры яркіх зоркі ля гарызонта, якія стаяць сімерычна – гэта Марс, Юпітэр і Сатурн.
Партрэты Віктара Малышчыца
А ў наступны вечар усе разам па чарзе глядзели на зорки ў тэлескоп і ў асабістыя біноклі, выдадзеныя выкладчыкам, слухалі аповеды Віктара пра сузор’і, запаміналі іх назвы, адчувалі рух зорнага неба – і не стамляліся захапляцца незямной і вечнай прыгажосцю.
Экспедыцыя. Фота Яўгена Ідзельчыка
Амаль па Багдановічу:
Нашто ж на зямлі
Сваркі і звадкі, боль і горыч,
Калі ўсе мы разам ляцім
Да зор?
З упэўненасцю можна сцвярджаць, што Віктар “заразіў” вучняў фоташколы любоўю да зорак і начной фотаздымкі, бо і далей яны, ужо без выкладчыка, працягвалі практыку, спрабавалі “злавіць” аб’ектывам маланку і зоркі.
Думаецца, гэтыя ўрокі надоўга застануцца ў іх памяці. І на фотаздымках!
Наталля Плыткевіч