«Чырвоны Бор». Моманты памяці
16/05/28
Цікава, якія думкі з’яўляюцца ў чалавека, калі ён бачыць такую назву здымка. Што гэта: код, шыфр, час ці дата? Чаму менавіта так і ніяк інакш?
Уявіце сабе хлопчыка, якому вельмі не падабаецца фатаграфавацца. Дарэчы, у гэтым мы з ім падобныя. І вось ён неахвотна паварочваецца то ўправа, то ўлева, не разумеючы, што тут робіць.
Я бачу, што яму няёмка і хочацца да мамы. А недзе побач стыне смачная ежа. Тут ужо дакладана не да фотасетаў.
16 гадзін, 5 хвілін, 28 секунд – час, калі я зрабіла гэты кадр. Гэта мой самы любімы з яго партрэтаў. Ён тут такі, які ёсць.
Алеся
Не так часта шанцуе сфатаграфаваць такога цудоўнага чалавека ў такім неверагодным месцы. Росіца. Касцёл Святой Тройцы.
Дзень, на які нельга забыцца
Магчыма, гэты здымак звычайны, але ж для мяне ён значыць шмат. Гэта не проста партрэт дзяўчынкі ці калегі-фатографа. Гэта ўспамін пра цёплы і ўтульны дзень, дзе я была шчаслівая.
Адзін добры чалавек
Вось бываюць жа людзі, якія заўсёды нешта забываюць. Ім нават у школе кажуць: ”А галаву ты не забыўся?” Класіка. Ці стала я выключэннем? Канечне, не. Прачнулася сёння а пятай гадзіне раніцы. Павінна была быць важная паездка з егерам у лес. Мне падумалася, што перад тым, як выходзіць на вуліцу, трэба сабраць усё патрэбнае і праверыць тэхніку. Здаецца, што ўсё цудоўна, усе рэчы на месцы і можна выходзіць. Калі мы ўжо выехалі, то я зразумела, што… забылася ўзяць карту памяці ад свайго фатаапарата з доўгафокусным аб’ектывам і ў выніку у мяне ёсць з сабой толькі “палціннік”.
Не думаю, што трэба тлумачыць, чаму няма чаго рабіць на фотапаляванні з такой прыладай працы. Я моцна засмуцілася. Было вельмі сорамна перад егерам Сашам. Ён стараецца для нас, паказвае цікавыя мясціны і падрабязна распавядае пра прыроду, а тут я са сваёй разяватасццю.
Але ён мяне супакойваў і казаў шмат добрых слоў для падтрымкі. Такіх, ад якіх на душы становіцца цёпла і лёгка. Я зразумела, што зараз важна зрабіць яго партрэт у знак удзячнасці.
Прыгажосць шчырасці
Бываюць у жыцці моманты, калі ты атрымліваеш шанец. Гэты выпадак менавіта такі. Шанец на цудоўны здымак маленькага цуду.
Марыя Зіганорава, студэнтка Чырвонаборскай фоташколы